12 жніўня я прачнулася вельмі хворая – хвароба накрыла нечакана, літаральна за ноч. 11-га знік мой сябар, і я не змагла выйсці на вуліцу… Я думала, што на гэтым мая рэвалюцыя скончылася: яшчэ 10 жніўня зразумела, што я не баец – не ўмею біцца і нават бегаю дрэнна. Адчуванні былі пакутлівыя: што я магу тады, які ўнёсак, заўважны ўнёсак магу зрабіць у пратэсты? Раніцай 12 жніўня ў мяне не было сіл ні на што, а потым я ўбачыла навіну пра жаночы ланцуг салідарнасці пад Камароўкай – і рванула туды, не раздумваючы, забыўшыся, што хворая, адкульсці ўзяліся сілы. У мяне нават не было белага адзення на той халодны, амаль асенні, дзень: толькі блакітныя джынсы, ружовы світшот і куртка навыварат, белай падкладкай, зацёртай і ў качулках, наверх. Я ляцела, каб паспець, каб пабыць са сваімі. Без сцягоў. Без кветак. У мяне былі пытанні да белага адзення і вобразу феміннасці ў гэтым усім. Я нават не была ўпэўненая, што цалкам падтрымліваю мірны пратэст. Мне непатрэбныя былі кветкі, імі я нічога не хацела сказаць, акрамя: "Я з вамі, сёстры". І вось я стаяла сярод жанчын, круціла галавою ўправа, улева, каб усвядоміць, дзе я, каб разгледзець тых, хто побач, і не верыла сваім вачам, але верыла адчуванням. Столькі прыгажосці выпраменьвалася ад тых жанчын, кожная была прыгожай – я такога ніколі ў жыцці не бачыла і не адчувала. Можа быць, прыгожымі для мяне іх рабілі рашучасць, з якой яны гатовыя былі адстойвасць свае каштоўнасці. Іх нежаданне пагаджацца на ўмовы гвалтаўніка. Гатоўнасць супраціўляцца гвалту. Гвалт быў паўсядзённасцю ў маёй сям'і. Мама жыве так нават не 26 гадоў, а больш за 35. Я жыла так. З таго часу, як прайшла сепарацыю з бацькамі, я ганарылася мамай толькі аднойчы – калі яна падала заяву ў суд і не забрала яе, нягледзячы на ціск. У сваёй сям'і я не бачыла прыкладаў супраціву, але я ўбачыла гэтыя прыклады ў жаночым пратэсце. Асабліва натхнялі мяне дарослыя, сталыя жанчыны. Яшчэ ў ліпені мы жартавалі пра тое, што патрэбны атрад маці з рамянямі, перад якімі "сілавікі" не змогуць быць такімі ваяўнічымі. Гэта перастала быць жартам. 1 верасня я заўважыла ў сабе трансфармацыю. Тады пры выглядзе натоўпу ў чорнай форме, што насоўваўся на нас каля Чырвонага касцёла, мы не разбегліся, а самкнуліся ў круг, і сталейшыя жанчыны мудра і клапатліва ахінулі нас, шчыльна, як пялёсткі ружы, схаваўшы ў сярэдзіне бутона хлопцаў. Мы спявалі. Спяваі і спявалі. Пакуль груганы не адляцелі. А тады так, счапіўшыся, шчыльна прыціснуўшыся адна да адной, пайшлі да метро. Па дарозе журналіст Еўрарадыё спытаў, ці лічу я, што ў той дзень перамаглі пратэстоўцы. Я адказала, што так, нягледзячы на затрыманні студэнтаў. Я не ведала тады, што гаварыла пра сябе, што ўнутры сябе я перамагла ахвяру. На вялікім жаночым маршы 5 верасня мне хацелася трымацца з краюшку калоны – там, дзе сталыя жанчыны размаўлялі з "сілавікамі", якія нас "праважалі". І вось ужо я сама стаю насупраць аднаго такога пад Філармоніяй і крычу яму: "Вы нас предали, как вы могли, вы должны нас защищать!» Крычу сёстрам, што рванулі ўрассыпную, убачыўшы бусік, які гнаў да нас: "Не бежим, стоим!» А вечарам 8 верасня гэткім жа чынам я стаяла паміж заводскай сцяной на праспекце Машэрава з аднаго боку і сцяной "сілавікоў" з другога і не збіралася бегчы. «Идите», – адпускалі яны мяне і іншых жанчын. Але я сама вырашала, сыходзіць мне ці заставацца. Я прыняла рашэнне і гатовая была несці за яго адказнасць. Я абараняла сваю маленькую дзяўчынку. Мая бязмежная ўдзячнасць усім жанчынам беларускага пратэсту, якія, самі таго не ведаючы, дапамаглі мне перамагчы.
Евушка
31 год. Паэтка, перакладчыца
3
30
Мінск
Made on
Tilda