12 жніўня я прачнулася вельмі хворая – хвароба накрыла нечакана, літаральна за ноч. Я падумала, што на гэтым мая рэвалюцыя скончылася – шчэ 10 жніўня зразумела, што я не баец: не ўмею біцца і нават бегаю дрэнна. Адчуванні былі пакутлівыя: што я магу тады, які ўнёсак, заўважны ўнёсак я магу зрабіць?

Раніцай 12 жніўня ў мяне не было сіл ні на што, а потым я ўбачыла навіну пра жаночы ланцуг салідарнасці каля Камароўкі – і рванула туды, не раздумваючы, забыўшыся, што хворая, адкульсці ўзяліся сілы. У мяне нават не было белага адзення на той халодны, амаль восеньскі, дзень. Я ляцела, каб паспець, каб пабыць са сваімі. Без сцягоў. Без кветак. У мяне наогул былі пытанні да белага адзення і вобразу феміннасці ў гэтым усім. Я нават не была ўпэўненая, што цалкам падтрымліваю мірны пратэст. Мне непатрэбныя былі кветкі, імі я нічога не хацела сказаць, акрамя: «Я з вамі, сёстры».

І вось я стаяла сярод жанчын, круціла галавою ўправа і ўлева, каб усвядоміць, дзе я, каб разгледзець тых, хто побач, і не верыла сваім вачам, але верыла адчуванням. Столькі прыгажосці выпраменьвалася ад тых жанчын, кожная была прыгожай – я такога ніколі ў жыцці не бачыла і не адчувала. Можа быць, прыгожымі для мяне іх рабілі рашучасць, з якой яны гатовыя былі адстойвасць свае каштоўнасці. Іх нежаданне пагаджацца на ўмовы гвалтаўніка. Гатоўнасць супраціўляцца гвалту. Гэта асабістае.

Гвалт быў паўсядзённасцю ў маёй сям'і. Мама жыве так нават не 26 гадоў, а больш за 35. Я жыла так. З таго часу, як прайшла сепарацыю з бацькамі, я ганарылася мамай толькі аднойчы – калі яна падала заяву ў суд і не забрала яе, нягледзячы на ціск. У сваёй сям'і я не бачыла прыкладаў супраціву, але ўбачыла іх у жаночым пратэсце.

Асабліва натхнялі мяне дарослыя, сталыя жанчыны. Яшчэ ў ліпені мы жартавалі з сяброўкамі пра тое, што патрэбны атрад маці з рамянямі, перад якімі «сілавікі» не змогуць быць такімі ваяўнічымі. Гэта перастала быць жартам.

1 верасня я заўважыла ў сабе змену. Тады, пры выглядзе натоўпу ў чорнай форме, што насоўваўся на нас каля Чырвонага касцёла, мы не разбегліся, а самкнуліся ў кола, і сталейшыя жанчыны мудра і клапатліва ахінулі нас, шчыльна, як пялёсткі ружы, схаваўшы ў сярэдзіне бутона хлопцаў. Мы спявалі, спявалі і спявалі, пакуль крумкачы не адляцелі. Счапіўшыся і шчыльна прыціснуўшыся адна да адной, мы пайшлі да метро. Па дарозе да нас падыйшоў журналіст Еўрарадыё і спытаў меня, ці лічу я, што ў той дзень перамаглі пратэстоўцы. Я адказала, што так. Тады я не разумела, што гаварыла пра сябе, што ўнутры сябе я перамагла ахвяру.

На вялікім жаночым маршы 5 верасня мне хацелася трымацца з боку калоны, бліжэй да праезджай часткі – там, дзе сталыя жанчыны размаўлялі з «сілавікамі», якія нас «праважалі». І вось ужо я сама стаю насупраць аднаго такога пад Філармоніяй і крычу яму: «Вы нас предали! Как вы могли? Вы должны нас защищать!». Крычу сёстрам, што рванулі ўрассыпную, убачыўшы бусік, які гнаў да нас: «Не бежим, стоим!». А вечарам 8 верасня гэткім жа чынам я стаяла паміж завадской сцяной на праспекце Машэрава з аднаго боку і сцяной «сілавікоў» з другога і не збіралася бегчы. «Идите», – адпускалі яны мяне і іншых жанчын. Але я сама вырашала, сыходзіць мне ці заставацца. Я прыняла рашэнне і гатовая была несці за яго адказнасць. Я абараняла сваю маленькую дзяўчынку.

Мая бязмежная ўдзячнасць усім жанчынам беларускага пратэсту, якія, самі таго не ведаючы, дапамаглі мне перамагчы.
ЕВУШКА
31 год, паэтка, перакладчыца
7
20
Made on
Tilda